КАРАЛЕ́ЎСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МУ́ЗЫКІ (Royal Academy of Music),

старэйшая вышэйшая муз. ўстанова Вялікабрытаніі. Засн. ў Лондане ў 1822 як прыватная школа, у 1832 прынята пад апекаванне караля і атрымала сучасную назву; з 1864 субсідзіруецца ўрадам. З 1912 размяшчаецца ў спец. будынку з уласнай канцэртнай залай на 800 месцаў. Курс навучання 3 гады. Працуюць класы па ўсіх муз. дысцыплінах, аддзяленні оперы, танца і драм. мастацтва; выкладаюцца дыкцыя, замежныя мовы, фехтаванне, правілы добрага тону. Адыграла важную ролю ў развіцці муз. культуры Вялікабрытаніі, выхавала шмат музыкантаў, якія атрымалі сусв. вядомасць. У складзе педагогаў найвыдатнейшыя музыканты Вялікабрытаніі. Акадэмія перыядычна выбірае ганаровых членаў, у т. л. і з інш. краін, у розныя гады сярод іх былі Э.Гілельс, Д.Ойстрах, М.Растраповіч.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)